Аляксандр Мілінкевіч: гісторыя, адукацыя і нацыянальны дух — наша ідэя
25 верасня ў эфіры Еўрарадыё — экс-кандыдат у прэзідэнты, былы кіраўнік руху “За свабоду”, заснавальнік і кіраўнік Вольнага беларускага ўніверсітэта, пазаштатны дарадца Святланы Ціханоўскай у пытаннях еўрапейскага выбару Беларусі Аляксандр Мілінкевіч. Шмат стагоддзяў у нашым народзе мэтанакіравана знішчалася ўсё нацыянальнае — вера, культура, гісторыя. У нас хацелі цалкам вынішчыць нашую самасвядомасць. Але канчаткова ні ў каго гэта зрабіць з беларусамі так і не атрымалася. Мы вернем сабе сваю Беларусь. Але для гэтага мы мусім мацаваць свій нацыянальны дух і сваю самасвядомасць. Ад гэтага будзе залежыць тое, якую Беларусь мы ў выніку пабудуем, перакананы Аляксандр Мілінкевіч. Пра тое, як звязаныя самасвядомасць і пабудова сваёй нацыянальнай дзяржавы, пра моц беларускага нацыянальнага духа і як адшукаць сябе ў эміграцыі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Аляксандрам Мілінкевічам.
Наталля Дуліна: дэмакратычнасць, салідарнасць, годнасць — лепшая ідэя
18 верасня ў эфіры Еўрарадыё — лінгвістка, выкладчыца італьянскай мовы, былая палітзняволеная Наталля Дуліна. Свабода сканчаецца там, дзе пачынаецца страх. Нам неабходна навучыцца не баяцца. Не баяцца адстойваць свае правы, сваю свабоду, сваю ідэнтычнасць. Гэта не проста. Як не проста будзе і прабачыць тым, хто рабіў нам зло і з-за каго мы спазналі столькі страт і пакут. Але не баяцца прабачаць мы таксама павінны навучыцца. І некалі мы абавязкова з гэтым справімся, перакананая Наталля Дуліна. Пра тое, як знаходзіць у сабе сілы спраўляцца з выклікамі часу і лёсу, чаму так важна навучыцца не баяцца і ў чым для нас і для нашай ідэнтычнасці сёння найбольшыя выклікі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Наталляй Дулінай.
Аліна Харысава: мая нацыянальная ідэя ў словах — захоўвай, культывуй, стварай!
11 верасня ў эфіры Еўрарадыё — паліталагіня, экспертка стратэгіі і аналітыкі, міжнародная сакратарка Згуртавання беларускіх студэнтаў Аліна Харысава. Нам неабходна навучыцца ганарыцца сабой і сваімі здольнасцямі ці кампетэнцыямі. Бо такі гонар, які мае пад сабой абгрунтаванне і які даказаны рэальнымі дзеяннямі можа быць часткай, складнікам нацыянальнай ідэнтычнасці. Трэба ганарыцца гісторыяй, але толькі на ёй сёння сваю ідэнтычнасць не пабудуеш, неабходныя яшчэ і нейкія скіраваныя ў будучыню памкненні, за якія не сорамна, перакананая Аліна Харысава. Пра тое, як моладзь успрымае сваю ідэнтычнасць і ці час разважаць над такімі пытаннямі, ці спатрэбяцца некалі на радзіме тыя кампетэнцыі, якімі беларусы авалодваюць у эміграцыі і ці не прасцей беларусам пабудаваць сабе сваю Беларусь па-за межамі Айчыны, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Алінай Харысавай.
Віталь Патліс: мы з крыві, але мы за свабоду — мая нацыянальная ідэя
4 верасня ў эфіры Еўрарадыё — эканаміст, палітычны актывіст, літаратар Віталь Патліс. Не адно стагоддзе беларускі народ знаходзіўся пад прыгнётам. Ён і сёння знаходзіцца пад прыгнётам чужой яму па духу і свядомасці ўлады. Але насуперак гэтаму беларусы хочуць свабоды, мы хочам сваёй ідэнтычнасці, мы хочам быць беларусамі. Пралітая кроў нашых продкаў шэпча нам пра усё гэта і мы некалі сабе гэта ўсё здабудзем — і свабоду, і прыналежнасць да нацыі, і ідэнтычнасць, перакананы Віталь Патліс. Пра тое, як звязаныя эканоміка ды ўласны дабрабыт з нацыянальнай ідэяй і ўсведамленнем сваёй ідэнтычнасці, ці гатовыя беларусы змагацца за сваю краіну і ці адпусціць нас “рускі мір”, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Віталём Патлісам.
Зміцер "Vinsent" Папко: будзь сабой, кажы ўсім, што ты — беларус!
28 жніўня ў эфіры Еўрарадыё — музыка, спявак, актор Зміцер "Vinsent" Папко. Мы павінны нарэшце зразумець, што быць прыхільнікам дэмакратычных каштоўнасцяў і суверэннай Беларусі недастаткова. Без нацыянальных складнікаў, без усведамлення важнасці для нас, як для нацыі, вяртання сабе сваёй мовы, гісторыі мы не пабудуем сапраўды незалежнай і моцнай дзяржавы. Бо моцнай дзяржава можа быць толькі ў тым выпадку, калі яна будзе стаяць на нацыянальным падмурку, перакананы Зміцер "Vinsent" Папко. Пра тое, чаму беларусы так насцярожана ставяцца да моўнага пытання і чаму мова для нас важная, як музыка ўплывае на свядомасць і ці магчымая перамога над рэжымам мірным шляхам, без крыві, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” са Змітром "Vinsent" Папко.